БА́ДЭНСКАЯ КУЛЬТУ́РА

(Baden),

археалагічная культура плямёнаў позняга энеаліту (3-е тыс. да нашай эры) на тэр. Аўстрыі, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, часткова Румыніі, Германіі, Зах. Украіны. Назва ад знаходак у пячоры каля г. Бадэн (Аўстрыя). Насельніцтва займалася паляваннем і жывёлагадоўляй, жыло на ўмацаваных паселішчах. Пахавальны абрад — адзіночныя і калектыўныя трупапалажэнні, радзей трупаспаленні на грунтавых могільніках. Характэрны каменныя паліраваныя сякеры, упрыгожанні з ракавін, трапляюцца медныя рэчы (сякеры-молаты, упрыгожанні з дроту). Кераміка цёмнага колеру, з высокімі ручкамі, вушкамі, часам упрыгожаная канелюрамі. У час Бадэнскай культуры ў Еўропе прыручаны конь, з’явіліся павозкі з суцэльнымі дыскападобнымі коламі.

т. 2, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)